349-дзённая (25.9.1854—8.9.1855) абарона Севастопаля рас. войскамі ад узбр. сіл саюзных дзяржаў (Францыя, Вялікабрытанія, Турцыя, Сардзінскае каралеўства) у Крымскую вайну 1853—56. Пасля паражэння рас. войск на р. Альма саюзныя войскі падышлі да Севастопаля. Абарону горада ўзначаліў нач. штаба Чарнаморскага флоту віцэ-адм. У.А.Карнілаў, яго памочнікі — віцэ-адм. П.С.Нахімаў і контр-адм. У.І.Істомін. Пад іх кіраўніцтвам Севастопаль быў абаронены з боку мора, паводле плана інж.-падпалк. Э.І.Татлебена на сушы пабудаваны ўмацаванні, якія прыкрывалі подступы да Малахава кургана. Каб праціўнік не прарваўся ў порт, каля ўвахода ў Паўн. бухту былі затоплены 7 старых караблёў, з якіх знялі частку гармат, а з экіпажаў (10 тыс.чал.) сфарміравалі 22 батальёны. Нягледзячы на колькасную перавагу ў войсках і тэхн. сродках, неаднаразовыя штурмы, армія саюзнікаў доўгі час не магла поўнасцю блакіраваць крэпасць і зламаць яе абаронцаў. Толькі накіраваўшы гал. сілы супраць ключавой пазіцыі абароны — Малахава кургана, праціўнік 8.9.1855 захапіў яго. Рас. войскі пакінулі Севастопаль; яны страцілі каля 102 тыс.чал., праціўнік — каля 71 тыс.чал. Гераічная С.а. паўплывала на вынік мірных перагавораў. У час С.а. вызначыліся 54-ы Мінскі, 27-ы Віцебскі, 28-ы Полацкі, 51-ы Літоўскі пях. палкі. Мужна змагаліся на абарончых пазіцыях ураджэнцы Мінскай губ. браты Ігнацій і Іосіф Ляскоўскія (выпускнікі Брэсцкага кадэцкага корпуса), ураджэнцы Гродзенскай губ. І.Сержпутоўскі і Р.Траўгут; загінулі выпускнікі Полацкага кадэцкага корпуса паручнікі А.Пісарэўскі, В.Маркевіч, А.Бушкоўскі, капітан М.Фядотаў і інш. Ў Севастопалі пастаўлены помнікі Карнілаву, Нахімаву, Татлебену, матросу П.М.Кошку, затопленым караблям Чарнаморскага флоту, створана панарама «Абарона Севастопаля» і інш.